Хлебаробы сельгасфіліяла «Чырвоны май» атрымалі віншаванні ў полі

Дзмітрый Прановіч, Людміла Гулякевіч, Дзмітрый Марцінчык, Уладзімір Філімонаў.

У сельгасарганізацыях раёна набліжаецца да экватара ўборка збожжавых і зернебабовых культур. Вызначыліся першыя экіпажы-тысячнікі, ёсць лідары на адвозцы, дапрацоўцы збожжа.

У гэтыя дні віншаванні з працоўнай перамогай прымалі хлебаробы сельгасфіліяла «Чырвоны май». Камбайнеры Дзмітрый Прановіч і Дзмітрый Марцінчык заканчвалі ўбіраць яравы ячмень на полі каля вёскі Плітніца, калі да іх прыехалі старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў Уладзімір Філімонаў і старшыня Пухавіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Людміла Гулякевіч.

— Вялікі дзякуй за вашу нялёгкую і такую важную працу, — адзначыў Уладзімір Мікалаевіч. — Сёння дзякуючы кожнаму камбайнеру, які працуе ад цямна да цямна ў полі,  ствараецца харчовая бяспека нашай краіны. Свой уклад у агульны каравай уносіць кожны камбайнер, вадзіцель, аператар зернесушыльнага комплексу.

У гэтым годзе ў сельгасфіліяле «Чырвоны май» атрымліваюць ураджайнасць  вышэйшую за леташнюю. З кожнага гектара хлебаробы намалочваюць па 32 цэнтнеры збожжа.

Камбайнер Дзмітрый Марцінчык у дзень намалочвае па 65-70 тон збожжа. Гэты год для яго ў якасці камбайнера  юбілейны:   дзясятае  жніво.

— Нядрэнная ў гэтым годзе вырасла ў нас пшаніца, — дзеліцца  камбайнер. — Працую  з асаблівым задавальненнем. Калі палі добрыя, магу ў дзень да 30 гектараў убраць. Але ёсць і палеглыя ўчасткі, каб абмалаціць іх, даводзіцца памяншаць хуткасць у два разы, стараюся, каб не застаўся ўраджай на полі.

У гэты дзень ганаровыя граматы і падарункі Уладзімір Філімонаў і Людміла Гулякевіч уручылі  таксама дыспетчару СГФ «Дрычын» Святлане Апята і аграному-насенняводу Вользе Фіневіч.

— Мы стараемся адзначыць людзей, якія працуюць не толькі на збожжаўборачных камбайнах або аўтамашынах, але і выконваюць іншую не менш важную работу на жніве, — адзначыла Людміла Фёдараўна. — Бо ад ўкладу кожнага залежыць поспех усяго калектыву сельгаспрадпрыемства.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *