Сакрэты шчасця

Першы майскі дзень 1961 года для  Рамана Мікалаевіча і Марыі Антонаўны Новік з  вёскі  Вугалец Турынскага сельсаветаасаблівы дзень: на Першамай яны згулялі вяселле. Хутка іх шлюб адзначыць чарговую гадавіну: яны разам амаль 56 гадоўСёння Раман Мікалаевіч і Марыя Антонаўнаадзіная сямейная пара ў вёсцы. Прашу іх у думках пераглядзець час і вярнуцца ў маладосць. У субяседнікаў адразу  з’яўляюцца шчырыя ўсмешкі і агеньчыкі ў вачах. Размову пачынае гаспадар.

IMG_8084— Вельмі добра памятаю, як пазнаёміўся з Марыяй. У той час я працаваў экскаватаршчыкам. У Вугальцы мы капалі русла рэчкі. Некалькі тыдняў жылі ў вёсцы і ў вольны час хадзілі на танцы. Там і сустрэліся, — успамінае Раман Новік. — У Вугальцы было шмат моладзі. На будучую жонку я адразу звярнуў увагу: яна вельмі прыгожа танцавала.

— Мы адразу спадабаліся адзін аднаму. Да таго ж, ён быў выдатным гарманістам,  — дадае Марыя Антонаўна. — Вакол мяне было шмат хлопцаў, але Раман быў лепей за ўсіх. Так мы закахаліся і ажаніліся.

Сваё вяселле муж і жонка памятаюць вельмі добра. У  іх нават захавалася іконка, якую ім падарылі ў той значны дзень.Людзі кажуць, што калі на вяселле ідзе дождж, — гэта добрая прыкмета для маладой сям’і. Надвор’е нагадала пра сваё непастаянства і падчас шлюбу Марыі  і Рамана  Новікаў: першага мая раптоўна пайшоў снег. 

— У дзяўчат былі  лёгкія шалікі, але яны не ратавалі ад холаду. Хлопцы  зусім змерзлі,  бо   прыехалі ў лёгкіх касцюмах, — працягвае  Марыя  Антонаўна. —  Раман  сам  з Дрычына,  там мы і гулялі веселле. У той час не было такой раскошы, як зараз. Мы ехалі  да сельсавета  на  грузавых  машынах.  Снег  хутка  растаў, і  машына  засела  ў  гразі. Калі мы выбраліся  з незапланаванага палону і прыехалі дамоў,  адразу палезлі на печ. Спачатку  адагрэліся, а пасля селі за стол.

Марыя Антонаўна за жыццё змяніла некалькі прафесій: спачатку працавала  даяркай у калгасе, пасля і да пенсіі —  лабарантам у кацельні на кардоннай фабрыцы.  Раман Мікалаевіч усё жыццё працаваў на тэхніцы. Некаторы час муж і жонка разам ішлі штораніцы на кардонную фабрыку. Той  час   успамінаюць з асалодай, таму што  прадпрыемства выдзяляла аўтобус і арганізоўвала  шмат   экскурсій  па ўсім  Савецкім  Саюзе. Фотаздымкі сямейнай пары з тых часоў нагадваюць пра былыя гады.

Мае субяседнікі называюць сябе шчаслівымі людзьмі. Бог падараваў ім траіх дзяцей,  чатырох унучак і ўнука.  Ёсць ужо і праўнучка.

— Галоўнае ў жыцці — каханне. Мы рады, што столькі гадоў разам. У сямейным жыцці па-рознаму бывае, аднак трэба ўмець слухаць адзін аднаго  і  саступаць. І, безумоўна, любіць і  шанаваць чалавека, які побач. Іншых сакрэтаў шчасця не існуе, — расказвае Марыя Новік.  — Хутка дзве нашы ўнучкі пойдуць замуж. Ім я таксама кожны раз паўтараю гэтыя словы.

Расказваючы пра сям’ю, Раман і  Марыя Новікі шмат цёплых слоў сказалі пра сваю нявестку Алену. Яна жыве ў суседняй вёсцы  Светлы Бор і заўсёды дапамагае свекрыві і свёкру.

— Яна для нас як родная дачка, — у адзін голас гавораць гаспадары.

Яны вельмі любяць, калі  вялікая сям’я збіраецца разам:

— У такія часы разумеем, што наша  сустрэча  была  невыпадковай…

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *