Святлана Доўгая стала прызёрам міжнароднага фестывалю гіравага спорту.

12 кілаграмаў — цяжкі будзе гэты груз для вас? Мужчыны, напэўна, усміхнуцца: і пабольш падымалі, маўляў. А вось многія жанчыны задумаюцца над тым, ці варта нават спрабаваць падняць столькі. Хаця падняць, напэўна, амаль кожная з нас зможа. Раз-два і нават тры, бо, па сутнасці, гэта вага вядра вады. А як вам 317 разоў?!

Яшчэ некалькі месяцаў таму выкладчык фізічнай культуры Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа Святлана Доўгая таксама, напэўна, не ўяўляла, што змагла б выстаяць у паўгадзінным паўмарафоне і падняць за гэты час 12-кілаграмовую гіру 317 разоў. Але гэта атрымалася. І Святлана стала сярэбраным прызёрам міжнароднага фестывалю гіравага спорту сярод жанчын. 

4290— На самой справе ў нас на занятках па тэхніцы падняцця гіры жанчын няма, — расказвае чэмпіён свету па гіравым спорце  трэнер Юрый Леўчык (на здымку  са Святланай Доўгай на нядаўнім раённым турыстычным злёце). — Гэта не зусім жаночы спорт усё ж. Але Святлане зрабілі выключэнне, бо яна прыйшла да нас, маючы добрую спартыўную падрыхтоўку (у мінулым Святлана Доўгая — пераможца чэмпіянату рэспублікі па лёгкай атлетыцы). Таму вырашылі паспрабаваць.

 Упартасць і вялікае жаданне зноў адчуць смак спартыўных перамог хутка далі вынік. І Святлана апынулася на п’едэстале. У бліжэйшы час яна плануе прыняць удзел у прэстыжным рэспубліканскім турніры па гіравым спорце “Кубак Геркулес 2017” у Баранавічах. На гэты раз выпрабаванні, па словах трэнера, Святлану  чакаюць яшчэ больш складаныя, бо ўдзельнічаць пухаўчанка будзе ў дысцыпліне «рывок гіры» (гіру трэба падняць ад падлогі ўверх на выцягнутай руцэ без прыпынку).

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *