Работа, якая ніколі не спыняецца

На малочнатаварную ферму “Блонь” ААТ “Племянны завод  “Індустрыя” мы завіталі ў панядзелак раніцай. Для многіх гэты другі дзень студзеня быў выхадным днём, але тут, як звычайна, кіпела работа. Кармы жывёле былі раздадзены, заканчвалася ранішняя дойка.

— Сёння для нас, як і для іншых працаўнікоў галіны жывёлагадоўлі, звычайны працоўны дзень. Усе разумеюць: ніхто нашую працу за нас не выканае. Сустракаць святы на ферме за столькі гадоў ужо прывыклі, — з усмешкай расказвае загадчыца фермы Вольга Цэгла.

Аператар па вырошчванні цялят Іна Радкевіч і загадчыца фермы Вольга Цэгла

Аператар па вырошчванні цялят Іна Радкевіч і загадчыца фермы Вольга Цэгла

Вольга Іванаўна прыйшла ў сельскую гаспадарку выпадкова. Прыехала ў аграгарадок Блонь з Расіі. Трэба было шукаць працу, а на ферме якраз было вольнае месца загадчыцы.

— У дзяцінстве я жыла ў вёсцы. Бацькі трымалі вялікую гаспадарку, і мы, дзеці, ім заўсёды дапамагалі, таму да працы на ферме прывыкла хутка. Чалавек пры неабходнасці ўмее падладжвацца пад абставіны, — разважае субяседніца. — Мне  падабаецца мая работа, я люблю жывёлу.  Быў у жыцці перыяд, калі я на два гады сыходзіла ў іншую гаспадарку і працавала дыспетчарам. Аднак вярнулася на родную ферму, таму што ў іншай прафесіі сябе не ўяўляю.

На пачатак года агульнае пагалоўе на МТФ “Блонь” склала 1210 галоў. Сярэднясутачны ўдой на карову складае 7,2 кілаграма. За 2016 год з кожнай каровы ў сярэднім надаілі 2333 кілаграмы малака. Лічбы гэтыя, у параў-нанні з іншымі гаспадаркамі, не самыя лепшыя. Аднак у новым годзе тут плануюць павялічыць вытворчыя паказчыкі. Падстава для гэтага ёсць: нарыхтавана дастатковая колькасць якасных кармоў. Ёсць і здольная каманда, якая жадае працаваць на высокія вынікі.

— Хачу адзначыць, што дырэктар гаспадаркі Ілья Змачынскі ўдзяляе шмат увагі жывёлагадоўлі.  Адказна ставіцца да сваіх абавязкаў і наша моладзь, —гаворыць Вольга Цэгла. — Андрэй Ласкуноў працуе на пагрузчыку, Максім Сахончык раздае жывёле кармы. Маладыя людзі заўсёды гатовыя дапамагчы, да іх можна звярнуцца з любой просьбай.

Механізатар Андрэй Ласкуноў

Механізатар Андрэй Ласкуноў

На працы загадчыца фермы і іншыя работнікі праводзяць большасць свайго часу. Вельмі важна працаваць у калектыве аднадумцаў і быць адной сям’ёй.У ліку тых, для каго калектыў стаў другой сям’ёй,  аператар па вырошчванні цялят Іна Радкевіч і тэхнік-асемянатар Андрэй Дудзінскі. Яны працуюць на МТФ “Блонь” па десяць гадоў і прызналіся, што гэта толькі пачатак. Іна Радкевіч даглядае самых маленькіх цялят. Зараз у яе групе іх 53.  Сярэднясутачная прывага ў вазе за снежань мінулага года склала 525 грамаў.

— Я працавала аператарам машыннага даення на ферме ў Пухавічах, затым перайшла на ферму ў Блонь. Спачатку таксама даіла кароў, а праз некаторы час мне прапанавалі даглядаць цялят, — успамінае Іна Уладзіміраўна.

— Я заўважыла, што ў Іны Радкевіч усё атрымліваецца, і прапанавала ёй крыху змяніць від дзейнасці. У яе  ёсць жаданне працаваць — гэта адзін з асноўных гарантый поспеху, — расказвае загадчыца фермы. — Бачна, што яна сапраўды любіць жывёлу,  да кожнага цялятка адносіцца як да дзіцяці. 

Тэхнік- асемянатар Андрэй Дудзінскі

Тэхнік- асемянатар Андрэй Дудзінскі

Любоў да выбранай справы праяўляецца таксама ў адносінах да жывёл у тэхніка- асемянатара Андрэя Дудзінскага. Калісьці ён падчас вучобы ў  Смілавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы прыехаў на практыку ў ААТ “ПЗ “Індустрыя” і застаўся працаваць на ферме.

— Мне падабаецца жыць і працаваць у сельскай мясцовасці. Я вырас у вёсцы, люблю яе з дзяцінства, — расказвае Андрэй Віктаравіч. — Мая сям’я жыве ў добрым доме, які выдзе-ліла сельгасарганізацыя. 

Андрэй Дудзінскі добры спецыяліст. Ён неаднаразова стана-віўся  пераможцай  раённых і абласных спаборніцтваў, мае шмат узнагарод. Зараз  таксама выконвае абавязкі галоўнага заатэхніка гаспадаркі. 

— З такімі адказнымі людзьмі прыемна працаваць, — гаворыць  Вольга Цэгла. — Мы накіраваны на агульны вынік, а таму заўсёды падтрымліваем адзін аднаго і словам, і справай.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *