Ды будзе сувязь!

Пад такім дэвізам працуе калектыў Пухавіцкага занальнага вузла электрасувязі, прадстаўнікі якога Вадзім Козуб и Віталь Філоненка на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства занялі першае месца, а на рэспубліканскім — другое.

Завяршыўся рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства сярод спецыялістаў рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Белтэлекам”, якія займаюцца мантажом і эксплуатацыяй ліній электрасувязі абаненцкага доступу. За каманду Мінскага філіяла РУП “Белтэлекам”, які абслугоўвае Мінскую вобласць, выступалі прадстаўнікі Пухавіцкага ЗВЭС Вадзім Козуб і Віталь Філоненка, якія дагэтуль сталі пераможцамі адпаведнага абласнога конкурсу.

Вадзім — электраманцёр лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх устройстваў, Віталь — электрамеханік у гэтай жа сферы. У калектыве лінейна-тэхнічнага ўчастка Пухавіцкага ЗВЭС яны працуюць ужо каля 15 гадоў, выконваючы работы па тэхналагічнай эксплуатацыі на медных і аптычных кабелях. Вопыту ім, як кажуць, не займаць. Яны таксама дасканала валодаюць тэарэтычнымі ведамі, якія ў імклівым працэсе тэхнічнага прагрэсу хутка дапаўняюцца і аднаўляюцца.

Сваю высокую кваліфікацыю Вадзім і Віталь пацвердзілі на ўсіх этапах прафесійнага конкурсу, дзе ім давялося прай-сці праверку тэарэтычных ведаў, выканаць мантаж участка абаненцкіх ліній як на медных кабелях, так і на аптычных, правесці вымярэнне іх параметраў, здзейсніць падключэнне паслуг электрасувязі, а таксама знайсці ўчастак, дзе праходзіць кабельная траса, і вызначыць глыбіню яе залягання. У праграму конкурсу ўваходзіў і экзамен па кіраванні аўтамабілем.

Дарэчы, у правядзенні абласнога і рэспубліканскага конкурсу сярод спецыялістаў РУП “Белтэлекам”, якія забяспечваюць работу лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх устройстваў, прымаў удзел і яшчэ адзін прадстаўнік Пухавіцкага занальнага вузла электрасувязі — начальнік лінейна-тэхнічнага ўчастка Аляксей Карась. Ён быў капітанам каманды Мінскага філіяла РУП “Белтэлекам”, а таксама ўваходзіў у склад журы ў якасці эксперта.

Андрэй МАЗАНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *