Сапраўдным працоўным экзаменам стала сёлетняе жніво для маладога спецыяліста Станіслава Новіка

Ён працуе ў СВФ “Дрычын” інжынерам па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка, але ў час уборачнай кампаніі вырашыў паспрабаваць сябе ў якасці памочніка камбайнера.

Станіслаў Новік.

Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта Станіслаў Новік прыйшоў па размеркаванні ў СВФ  “Дрычын”.  Месца, дзе спасцігае азы прафесіі, ён выбраў сам і ніколькі не шкадуе, хаця жыве ў Мар’інай Горцы, а на работу дабіраецца электрычкай. На першым працоўным месцы дапамагаюць асвойвацца калегі. Працуе Станіслаў побач з галоўным інжынерам гаспадаркі Андрэем Шышкоўскім, які дае  парады і падказвае ў працы.

Напярэдадні жніва камбайнер са стажам Уладзімір Мазуронак прыгледзеўся да маладога спецыяліста і прапанаваў яму  пайсці памочнікам на час ўборачнай. Тым больш, што катэгорыю на кіраванне камбайнам Станіслаў атрымаў яшчэ  ва ўніверсітэце. Першы экзамен малады камбайнер здаваў на полі, дзе паспеў рапс. Вядома, што ўбіраць гэтую культуру няпроста. Тым не менш, у першы ж дзень экіпаж намалаціў 80 тон.

— Уладзімір цярпліва расказваў пра тонкасці хлебаробскай справы, — кажа Станіслаў. —  І першы раз даў мне паспрабаваць  кіраваць  камбайнам праз ты-дзень пасля пачатку ўборкі ўра-джаю. Было вельмі хвалююча.

Падчас жніва Станіслаў а шостай гадзіне раніцы выходзіў з дому, а вяртаўся каля паўночы. Ды і выхадных  не было. Усе стараліся не ўпусціць добрае надвор’е і каштоўны час.

— Гэта была цяжкая, але вельмі цікавая пара, — успамінае Станіслаў Новік. — Больш за ўсё мне спадабалася ўбіраць пшаніцу. Малаціць яе — адно задавальненне. А вось ячмень — культура нізкарослая, трэба  апускаць жняярку і ехаць з асаблівай асцярожнасцю, каб не злавіць камень. Ёсць і другія тонкасці.

Цяпер малады камбайнер чысціць тэхніку і ставіць яе на захоўванне. Час вяртацца да асноўнай работы.

— Я лічу, што першае жніво для мяне прайшло вельмі ўдала. Мы намалацілі 1986 тон збожжа. А ў наступным годзе, калі паступіць прапанова дапамагчы на ўборцы ўраджаю, абавязкова пайду, каб зноў адчуць водар хлеба і зразумець важнасць таго, што робяць хлебаробы.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *