У гаспадарках раёна ўбіраюць азімую свірэпіцу

У  сувязі з анамальна гарачым надвор’ем, сёлета раней звычайнага можа пачацца ўборачная кампанія.

Пробны выхад камбайнаў  у поле ўжо зрабілі ў шасці гаспадарках раёна, дзе ўбіралі азімую свірэпіцу.

Многія  выкарыстоўвалі гэтую культуру вясной на зялёны корм, а з  той, якая   даспела, сабралі  насенне.

У адкрытым акцыянерным  таварыстве «Суцінскі» ўсяго  пасеялі  30 гектараў азімай  свірэпіцы, з якіх  10 —  на насенне. Яшчэ ў  пачатку  мая  пачалі   падкошваць яе на  корм  жывёле.

— Гэта культура з’яўляецца добрай  падкормкай, — расказвае галоўны аграном ААТ «Суцінскі»  Уладзімір  Булка.  — З гектара атрымалі 75 цэнтнераў зялёнай  масы.  Дадавалі     азімую свірэпіцу ў  сянаж і  выкарыстоўвалі  як  сакавіты  корм.

Свірэпіца лічыцца прамежкавай культурай. Пасля таго, як яе ўбралі на зялёнку, на тых 20 гектарах, дзе яна расла, пасеялі  кукурузу.

Раней   за  іншыя  гаспадаркі   пачалі ўбіраць азімую свірэпіцу на насенне. Суцінскія землі  —  пясчаныя,  таму  паспела  свірэпіца тут хутчэй.  Убіраў яе Дзмітрый Станішэўскі на камбайне  GS-18.

На жаль, надвор’е ўнесла свае карэктывы. Красавіцкая і  чэрвеньская засухі паўплывалі на ўраджайнасць гэтай культуры, таму вынік атрымалі меншы, чым чакалі. Усё зерне прасушылі, пачысцілі і здалі на Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў.

—   Свірэпіца  —   самая   непатрабавальная культура, — лічыць  Уладзімір Міхайлавіч. —  Тут галоўнае —  не ўпусціць момант  і  своечасова  яе  ўбраць.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *