У ПСУ «Рудзенскае» першымі ў раёне пасеялі раннія яравыя збожжавыя культуры

Сеяльшчык Павел Крывашэеў.

У  падсобным сельскагаспадарчым упраўленні «Рудзенскае» першымі ў раёне пасеялі раннія яравыя збожжавыя культуры. Сёлета пад іх адвялі 410 гектараў: ячмень, авёс, яравая пшаніца, зернебабовыя культуры. Акрамя таго, яшчэ неабходна пасеяць 150 гектараў аднагадовых траў, 100 гектараў цукровых буракоў і 300 гектараў кукурузы.

У гэтыя дні на вясновым полі ПСУ «Рудзенскае» выконваюць шэсць відаў работ: падкормка траў, баранаванне шматгадовых траў, унясенне арганікі, падрыхтоўка глебы, сяўба.

— Даводзіцца спяшацца —  расказвае галоўны аграном сельгасарганізацыі  Андрэй Баранаў. — Вільгаць з глебы знікае, што можа негатыўна адбіцца на ўсходах і развіцці раслін,  і  ў  канчатковым выніку —  на  будучым  ўраджаю. А яго мы плануем  атрымаць  не ніжэй  за леташні.

Самай  першай  у сельгасарганізацыі пасеялі яравую пшаніцу. Выбралі для гэтай культуры адно з лепшых па ўрадлівасці палёў. Разлічваюць сабраць багаты ўраджай. Летась пшаніца парадавала: сабралі амаль 40 цэнтнераў збожжа з гектара.

Аснова добрага ўраджаю, канешне, насенне. Па 10 гектараў кожнай культуры засеялі насеннем эліты, якую набылі ў эксперыментальнай базе «Зазер’е» і РУП «Шыпяны-АСК».

Начальнік участка Ягор Вашкевіч і саяльшчык Іван Паддубоцкі.

У гаспадарцы два сеяльшчыкі — Іван Паддубоцкі і Павел Крывашэеў. Удваіх яны засяваюць пры спрыяльным для гэтай работы надвор’і да 70 гектараў. Працуюць на вясновым полі з 7 і да 19 гадзін.

— Яшчэ з восені мы заклалі добрую аснову ўраджаю,  —  адзначае Андрэй Анатольевіч. — Пасеялі 960 гектараў азімых культур. Яны нармальна перазімавалі. Нашы механізатары ў зімовы перыяд падрыхтавалі тэхніку, надаўшы належную ўвагу рамонтам, каб не было праблем і паломак на вясновым полі. Пастараліся адрэгуляваць ўсё да дробязяў, каб ішоў бесперапынны працоўны працэс. Зараз уся тэхніка, што ёсць у гаспадарцы, выйшла ў поле.

Ужо  зрабілі  першую  падкормку  250  гектараў азімага рапсу і 930 гектараў азімых збожжавых.  Зараз  вядзецца  падкормка  шматгадовых   траў  азотнымі  ўдабрэннямі  і  ўносіцца  арганіка. Праца,  можна  сказаць,  «кіпіць». Аграрыі  імкнуцца    выкарыстоўваць кожную пагодлівую хвіліну, бо, як гаворыцца ў вядомай прымаўцы, «што пасееш, тое і пажнеш». А пасеяць неабходна хутка і якасна, каб атрымаць дружныя ўсходы.

Анастасія   ПЛЯТНЁВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *