У раёне працуе міжгаспадарчы механізаваны атрад

Вадзіцель Віктар Мялаў і механізатар Міхаіл Пікулік.

Сёлета падчас нарыхтоўкі кармоў у раёне практыкуецца стварэнне міжгаспадарчых механізаваных атрадаў. Адну з такіх аб’яднаных каманд мы сустрэлі напрыканцы мінулага тыдня на полі каля вёскі Белае. Механізатары і вадзіцелі СУП “Дукора-Агра”, ЭБ “Зазер’е”, ПСУ “Рудзенскае” і ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” убіралі і адвозілі зялёную масу на малочнатаварную ферму “Красніца”, якая знаходзіцца на дукорскіх землях.

Трактар з касілкай, два кормаўборачныя камбайны і восем адзінак тэхнікі на адвозцы — так унушальна выглядае міжгаспадарчы атрад. Уладзімір Давыдзенка з СУП “Дукора-Агра” на касьбе задзейнічаны адзін. Ён працуе практычна без перапынкаў і задае тэмп для ўсёй каманды.

Міхаіл Пікулік з гэтай жа гаспадаркі і Дзмітрый Вітушка з ЭБ “Зазер’е” на двух  КВК-800 выязджаюць услед за касілкай. У Міхаіла Пікуліка за плячыма больш чым дзесяцігадовы вопыт працы на корма-ўборачным камбайне. Невыпадкова менавіта яму сёлета даверылі новую тэхніку.

Механізатар Дзмітрый Вітушка.

Для Дзмітрыя Вітушкі гэта дэбютны корманарыхтоўчы сезон. Калегі з іншых гаспадарак гавораць пра маладога механізатара добрыя словы, і гэта лепшая ацэнка працы.

— Шмат карысных парад даў мне бацька, які працаваў на такім жа камбайне. Некалькі дзён практыкі, і праца пайшла,  — гаворыць Дзмітрый. — У кабіне камфортна: ёсць кандыцыянер. Абеды  і вячэры прывозяць у поле.

Вадзіцелі Сяргей Марцінкевіч, Анатоль Крайко, Дзмітрый Давыдоўскі, Уладзімір Скавыш, Юрый Герман.

Вадзіцелі па чарзе напаўняюць прычэпы зялёнай масай і адвозяць яе ў сянажную траншэю. Віктар Мялаў, Анатоль Крайко, Яўген  Крупнікаў з СУП “Дукора-Агра”, Сяргей Марцінкевіч, Дзмітрый Давыдоўскі, Аляксандр Савайтан  з ПСУ “Рудзенскае”, Юрый Герман з ЭБ “Зазер’е” і Уладзімір Скавыш з ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” за дзень робяць дзясяткі рэйсаў.

— У сярэднім за дзень закладваем па 350 тон сенажу, — расказвае галоўны аграном СУП “Дукора-Агра” Сяргей Ракуцька. — Ужо нарыхтавана больш за 9370  тон сенажу — спрацавалі звыш плану. З траў другога ўкосу таксама нарыхтавалі 500 тон сенажу ў стрэйч-плёнцы.  Наперадзе — уборка кукурузы, якая павінна парадаваць добрым ураджаем.  Упэўнены, што кармамі на зіму мы сябе забяспечым.

Міжгаспадарчы атрад працуе другі тыдзень. Першай пляцоўкай, дзе паказала сваю моц гэтае вытворчае падраздзяленне, сталі сенажаці ЭБ “Зазер’е”.  Цяпер каманда займаецца нарыхтоўкай кармоў на палетках ПСУ “Рудзенскае”.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *