Ужо з лютага на палях, дзе было магчыма, пачала працаваць сельскагаспадарчая тэхніка

Вясна сёлета прыйшла раней за каляндарны тэрмін. Для аграрыяў неспадзяванае цяпло толькі  на руку,  бо такое надвор’е дазваляе раней пачаць работу.  Ужо з лютага на палях, дзе было магчыма, пачала працаваць сельскагаспадарчая тэхніка.

Інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка ААТ «Пухавіцкі райаграсэрвіс» Васіль Шпакоўскі

Паводле слоў начальніка аддзела вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Святланы Карзанавай, аграрыі стараюцца не ўпусціць добрую магчымасць даць старт веснавым работам. Напрыклад, падкормліваюць азімыя збожжавыя азотнымі ўдабрэннямі. Больш за іншых выканалі гэтыя работы ў ААТ «Індустрыя-СГ»: з запланаваных 2170 гектараў азімыя ўжо падкармілі на плошчы 1650 гектараў, у ААТ «Энергія Агра» — на 400 гектарах. Усяго трэба ўнесці ўдабрэнні на 960 гектарах. Для гэтага выкарыстоў-ваюць самаходныя машыны тыпу «Раса», якія могуць праходзіць па вільготнай глебе.

Адна з першых работ на вясновым полі — сяўба шматгадовай травы. У ААТ «Агра-Абярэг»  выканалі яе на  184 гектарах, у ААТ «Голацк» — на 50-ці, у СВФ «Дрычын» — на 45-ці, у ААТ «Зазерка» — на 164-х.

Пры плюсавой тэмпературы ў сельгасарганізацыях аднавілі работы па ўзворванні глебы. У ААТ «Зазерка» ўжо падрыхтавалі 275 гектараў глебы пад сяўбу яравых культур, у ААТ «Пухавіцкі райаграсэрвіс» — 205 гектараў. Прыступілі да ворыва таксама  ў СУП «Дукора-Агра», ПСУ «Рудзенскае», ЭБ «Зазер’е», СВФ «Дрычын».

Таксама аграрыі ўносяць калійныя ўдабрэнні пад яравыя культуры, запраўляюць  глебу  арганікай. У ААТ «Агра-Абярэг» унеслі 68 працэнтаў ад вывезенага на палі. Гэта работа добра арганізавана і ў ААТ «Энергія Агра», ПСУ «Рудзенскае».

Анатоль Котаў

Як расказаў галоўны аграном ААТ «Пухавіцкі райаграсэрвіс» Валерый Сасіноўскі, перш за ўсё ў гаспадарцы пачалі весці работы на ўзвышаных участках. На ворыва выехалі Васіль Шпакоўскі і Аляксандр Сіняўскі. Ужо падрыхтавалі больш за 200 гектараў глебы. А ўсяго трэба падрыхтаваць 800 гектараў пад яравыя збожжавыя  і 1200 гектараў — пад кукурузу. Авёс, які зойме 390 гектараў, пачнуць сеяць самым першым. Для добрага росту і развіцця гэтай культуры абавязковай умовай з’яўляецца вільгаць, якая пакуль яшчэ трымаецца ў глебе. Да таго ж, у  параўнанні з іншымі культурамі,  авёс даўжэй прарастае.

— У дзень я магу заараць ад 12 да 22 гектараў, — кажа Васіль Шпакоўскі. — Ужо падрыхтаваў  плугі і энерганасычаны трактар «Беларус-3522»,  прайшоў дзяржаўны тэхнічны агляд і атрымаў допуск да ўдзелу ў дарожным руху.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *