Жыць з камфортам

У ААТ “Агра-Абярэг” заўсёды клапаціліся пра жыллё для сваіх работнікаў. Тут ужо пабудавана шмат дамоў сядзібнага тыпу, а ў гэтым годзе спецыялісты гаспадаркі сталі шчаслівымі навасёламі ў першым шматкватэрным   жылым доме ў вёсцы Наваполле.

Жыллё ў новым доме атрымалі ветфельчар, два аграномы, інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парку, аператары машыннага даення, а таксама маладыя спецыялісты.

Сярод іх заатэхнік Алена Мшар. Дзяўчына родам з Брэсцкай вобласці. Скончыўшы Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, размеркавалася ў ААТ «Агра-Абярэг».

— Адпрацаваўшы, я планую застацца ў гэтай гаспадарцы, — кажа Алена. — Умовы тут створаны вельмі добрыя. Работа мне падабаецца, вопытныя калегі дапамагаюць асвоіцца на першым працоўным месцы. З бытавымі пытаннямі праблем няма. Новы дом з усімі выгодамі, побач школа, дзіцячы сад, сельсавет, ФАП, крамы. А вакол — прыгожая прырода.

Маладая сям’я Андрэя і Аляксандры Воранавых таксама сёлета адзначыла наваселле. Аляксандра працуе ў гаспадарцы эканамістам, а Андрэй — вадзіцелем. Абодва — мясцовыя. У іх падрастае сынок. Каля дома добраўпарадкаваны добрая дзіцячая пляцоўка і пляцоўка для гульні ў баскетбол. Так што ёсць дзе бавіць час дзецям.

— Для добрага жыцця ўсё, што трэба, — кажа інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парку гаспадаркі Васіль Сілівончык. — Да нашага новага дома ў вёсцы праклалі оптавалакно. І зараз добрая сувязь ёсць у кожнай кватэры. Я і жонку сваю перацягнуў з горада ў вёску. Вясковае жыццё  нам падабаецца.

Будуюцца яшчэ два такія дамы. Кіраўнік ААТ “Агра-Абярэг” Пётр Казак адзначае, што сёння мала забяспечыць людзей дастойнай зарплатай — патрэбна стварыць добрыя бытавыя ўмовы, каб усе выгоды былі ў работнікаў гаспадаркі. І маладыя  людзі прыязджалі б і заставаліся тут назаўсёды. Будуць кадры — будзе і будучыня.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *