У ААТ «Шацк» пабудавалі прафілакторый для цялят

Снимок представлен иллюстративно.

У адкрытым акцыянерным таварыстве «Шацк» завяршылі будаўніцтва прафілакторыя для цялят  на МТФ «Міхалевічы». Ён разлічаны на  32  нованароджаных цяляці.  Асноўная запаўняльнасць чакаецца ў канцы снежня—у студзені, калі пачнуцца масавыя расцёлы. Пакуль што тут знаходзіцца 7 цялят.

Гэта ўжо другі прафілакторый, які пабудавалі ў гаспадарцы сёлета. Першы — на 48 галоў —  раней увялі ў эксплуатацыю на МТФ «Лявонавічы». У ім — драўляныя індывідуальныя хаткі для кожнага цяляці. Даглядчыцай тут працуе Наталля Качан.

— Мы будавалі прафілакторыі  гаспадарчым спосабам, — расказаў выконваючы абавязкі дырэктара ААТ «Шацк» Леанід  Алізар. — Раней гэта былі памяшканні, якія   не выкарыстоўваліся. Сумесна з зааветслужбай раёна было прынята рашэнне пабудаваць прафілакторыі. Наша будаўнічая брыгада за паўтара месяца пабудавала адразу адзін, а затым і другі прафілакторый для цялят. І трэба сказаць, што асноўная задача, якую мы ставілі —  павялічыць захаванасць маладняку — выконваецца. Ужо бачны вынік: скараціўся падзеж.

Для будаўніцтва  прафілакторыяў былі закуплены толькі расходныя матэрыялы, што дазволіла значна сэканоміць грашовыя сродкі сельгасарганізацыі. Зараз у камфортных умовах утрымліваюцца  нованароджаныя цяляты, таксама  створаны добрыя ўмовы для працы людзей.

На гэтым будаўніцтва жывёлагадоўчых аб’ектаў у ААТ «Шацк» не заканчваецца: у наступным годзе тут плануюць пабудаваць два «клюшачнікі» для ўтрымання буйной рагатай жывёлы, на 180 галоў кожны.

Анастасія   ІЮЛЬСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *