Танчаць усе — “Фольк-фэст” сабраў танцораў ва ўзросце ад 7 да 70 гадоў
Нядаўна на базе ДУК “Пухавіцкі РЦК” адбыўся раённы фестываль-конкурс побытавага танца “Фольк-фэст”. Фестываль праводзіцца на Пухавіччыне ў другі раз. Сёлета ён сабраў 16 пар танцораў ва ўзросце ад 7 да 70 гадоў.
Членам журы было складана ацэньваць пары, дзе ў адных навідавоку дзіцячая непасрэднасць, а ў другіх — дарослы прафесіяналізм. Таму ўсіх удзельнікаў падзялілі на тры ўзроставыя катэгорыі.
Удзельнікі фестывалю прадстаўлялі дзевяць побытавых танцаў, у іх ліку якіх “Ойра”, “Мікіта”, “Падэспань”, “Кракавяк”, “Лысы”, “Матлёт”, “Сямёнаўна”, “Полька”, “Субота”.
На 1-м месцы Крысціна Злома і Іван Малішэўскі (Дукорскі СДК); Сафія Сіняўская і Данііл Федарэнка (Блонскі СДК); Наталля Крывашэй і Сяргей Загароўскі (Блонскі СДК).
На другім — Ліза Русецкая і Цігран Баблумян (Пухавіцкі СДК); Дар’я Лазко (Дукорскі СДК); Святлана Салоха і Дар’я Севасцьянава (Блонскі СДК).
На трэцім — Дар’я Лазко (Дукорскі СДК), Іван Дырман і Кіра Жашкоўская (Пухавіцкі СДК).
Танцорам дапамагала шчырая любоў да беларускай культуры.
На фестывалі не толькі танцавалі, але і спявалі прыпеўкі. Пераможцам ў прыпеўках стала 6-гадовая Ганна Трухановіч, удзельніца аматарскай творчасці з Дукорскага СДК. Другое месца — у Лізы Русецкай і Глеба Маслакова (Пухавіцкі СДК).
Нездарма кажуць, што танец — гэта культура адносін. І вельмі добра, што ў гэты складаны час мы не забываем пра сваю спадчыну, сваю культуру. Беражыце свае карані!
Алена ПЕТРУСЕНКА.